Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян. Само слова «каляды» мае паходжанне ад лацінскага calendae, «календы» — назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і «каляндар»), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.
Да Каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да Калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё. А вось замест звычайнай у нашыя часы навагодняй яліны асноўным упрыгожаннем хаты быў сноп збожжа, які ўносілі ў хату ў першы дзень Каляд і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год. Пра гэта даведаліся вучні 7-8 класаў з вуснага часопіса «Беларускі каляндар». Мерапрыемства падрыхтавалі і правялі вучні старэйшых класаў.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 4 г. Магілёва » Сюркіна Н.М.