У рамках папулярызацыі беларускай мовы вучні 11 класа з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы падрыхтавалі і правялі вусны часопіс «Цікавыя факты пра Кандрата Крапіву», прысвечаны 125-годдзю з Дня нараджэння Кандрата Крапівы. Аднойчы Кандрат Крапіва проста ішоў па вёсцы і ўбачыў на сцяне прымацаваную газету “Савецкая Беларусь”. Спыніўся, пачаў чытаць. Тэксты юнаку спадабаліся, таму і сам ён вырашыў паспрабаваць сябе на літаратурнай ніве.
Кандрат Крапіва заўсёды вельмі шмат пісаў і нібы жыў па дэвізу «ні дня без радка». Аднак ён ніколі не казаў нават самым блізкім людзям, што ж канкрэтна ён піша. Напрыклад, свой твор «Брама неўміручасці» пісьменнік пісаў амаль 6 гадоў. І ўвесь гэты час ніхто не ведаў, над чым ён працуе.
Кандрат Крапіва ніколі не запісваў адрасы і тэлефоны, не вёў штодзённік. Усё самае важнае захоўвалася ў яго памяці. І калі трэба было знайсці тэлефон нейкага чалавека, прасцей было адразу пытацца ў Крапівы (калі ён яго ведаў, вядома). У старасці ў пісьменніка сур’ёзна пагоршыўся зрок, што адбівалася на яго прафесійнай дзейнасці (рэдактарскай). Але ён рэдагаваў усе слоўнікі проста па памяці. Захоўваў у сваёй памяці ўсе значэнні, дыялектныя варыянты і паходжанне беларускіх слоў са слоўнікаў.
Акрамя літаратуры, была ў Кандрата Крапівы і іншы запал — шахматы. Па ўспамінах блізкіх, за шахматнай дошкай ён мог праседжваць шмат гадзін запар. Быў нават адмысловы набор шахмат, выразаных з вельмі рэдкай пароды дрэва. Вучні даведаліся не толькі пра літаратурную дзейнасць Кандрата Крапівы, але і пра яго асабістае жыццё. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 4 г. Магілёва» Грышанава Т.В.