У гэтым годзе Беларусь адзначае 100-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Іван Паўлавіч Мележ — беларускі празаік, драматург, публіцыст. Народны пісьменнік Беларусі (1972). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972), Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1976).
Імя Івана Мележа застанецца ў нацыянальнай і сусветнай літаратуры дзякуючы створанай ім эпічнай «Палескай хроніцы» — глыбокаму філасофска-мастацкаму асэнсаванню жыцця Беларусі ў пераломныя 1920-1930-я гады. Сёння кнігі Івана Мележа прадаўжаюць чытаць, вывучаць, знаходзіць у яго тэкстах усё новыя грані і сэнсы. Імем народнага пісьменніка Беларусі названы вуліцы ў Мінску, Хойніках і іншых гарадах, школа ў роднай вёсцы, гімназія і бібліятэка ў Гомелі, драматычны тэатр у Мазыры. Многія гады госці з розных краін прыязджаюць у дом-музей пісьменніка ў Глінішча, а ў горадзе Хойнікі могуць убачыць скульптурную кампазіцыю з вобразамі герояў рамана «Людзі на балоце». Для маладых беларускіх пісьменнікаў яшчэ ў 1980 годзе была заснавана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа. Кнігі Івана Мележа карыстаюцца папулярнасцю і ў сучаснай моладзі. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 4 г. Магілёва » Грышанава Т.В.